Лес ужо жыў сваім актыўным, багатым вясновым жыццём. Стракатала сарока, чэкаў дзяцел, дрозд абзываўся ў хвойніку. Нават мурашнік, што трапіўся на вочы, і той варушыўся: выпаўзалі, грэліся на сонцы мурашкі, пакуль яшчэ надта павольныя і вялыя пасля зімовай спячкі.